ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,

развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыцця ўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.

І.У.Дуда.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)